Беларуская мова: Уводзіны ў навуку аб мове. Фанетыка. Граматыка, страница 6

1. Такое ўжо наша нацыянальнае шчасце, наша людская доля, што на канцы 20-га стагоддзя мы змушаны займацца праблемамі, якія даўно адышлі ў цывілізаваных грамадствах. Там на чарзе — падвышэнне і без таго высокага дабрабыту, звышновыя тэхналогіі, эканамічная інтэграцыя, палітычная дыферэнцыяцыя, пазнанне макра- ды мікрасвету. Мы ж, як і раней, усë адгадваем загадку ўласнай сутнасці, сілімся зразумець, што мы ëсць у людской супольнасці, чым адметныя ад іншых. Значныя высілкі нашага інтэлекту, здаецца, ідуць на тое, каб даказаць сябрам і ворагам, а найперш сабе, што ўсë ж адрозніваемся і яшчэ маем права на тую рознасць. Бо мы — народ, вялікі ці малы, цывілізаваны ці не надта, але выразны і цэльны, створаны Богам для нейкіх таямнічых мэтаў на гэтай боскай зямлі. Мабыць, мы спахапіліся ў самы час, каб утрымаць рэшткі сваëй магчымасці, бо ўбачылі ўперадзе бездань, пагібель — цяпер ужо не ад ядзернага вар’яцтва, а найперш ад уласнай няздольнасці жыць...

Цяпер відаць ужо выразна, што перамога беларускай справы магчыма толькі высілкамі ўсяго народа. Вопыту аднае інтэлігенцыі тут мала. Высілкаў паасобных апосталаў — тым болей. Патрэбна з’яднаная, мэтанакіраваная, дзейсная палітычная воля нацыі. Але ці ўсведамляе ў належнай меры нацыя сябе нацыяй? Вось у чым праблема. Самая, можа, драматычная з праблемаў у дадзены момант нашай няшчаснай гісторыі. Аб тым, спадзяëмся, мы і пагаворым на нашай шаноўнай грамадзе (В. Быкаў).

2. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца, калі даўно скончана жніво, звезена жыта ў гумны і над апусцелым полем дружна ўзлятаюць стайкі шпакоў — прадвеснікаў блізкае восені. Зямля здаецца лëгкай, бязважкай, яна ўся дыхае цішай, спакоем. Усë відаць як на далоні: і кожнае дрэва на шляху, і калодзежны жураў у дальняй вëсцы, і зубчасты край лесу, і бялявы дымок далëка, далëка, дзе праходзіць чыгунка. Нават бачыш, як трапечацца зжаўцелы ліст на бліжняй бярозе, як высока, высока ў небе ляціць няведама куды самотная павуцінка.

Над купчастай імшарынай пацешна ўзнімаецца бусел, паважна ляціць над полем, выцягнуўшы ўперад сваю задуменную дзюбу.

— Наш бусел! – ганарыста гаворыць Міколка.

― Хваліся! – смяюцца хлапчукі. - Што ні бусел, дык твой!

― А вот жа наш. Глядзіце! Хочаце аб заклад на ўсе баравікі... – і Міколка ўзмахвае сваім кошыкам. Поўная ліпаўка баравікоў - жаўцявых, чырванаватых, цëмных, нібы вылітых з медзі - самыя што на ні на ëсць грыбы баравыя. Зверху лісты папараці, каб не трапіў пыл у кошык, ды некалькі запазнелых васількоў, якія сарваў Міколка на ўзмежку поля. Васількі ― для сястрычкі. Яна хацела пайсці разам з ім у лес, але маці не пусціла: трохі прыхворвае малая.

― Ну, што ж, спужаліся, грыбоў шкада! – наступае Міколка на хлапчукоў, размахваючы перад імі ліпавым кошыкам.

Бусел ляціць проста на высокую грушу-дзічку, што стаіць на ўскраі сяла, высокая, разгалістая, з буславым гняздом на самай вяршыні. За грушай Міколкава хата (М. Лынькоў).

3. ...Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, утуліўшыся ў балоты, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну. Не спяшаецца яна выносіць дабро палескіх балот. А яго так многа, што ўсë роўна, спяшайся не спяшайся, а гэтай работы ëй хопіць на доўгія гады. Можа і надзею страціла яна вынесці хоць калі-небудзь гэта мора цëмна-ружовай вады з неабсяжных балот Палесся, і з гэтай прычыны яна такая павольная і флегматычная ...

Затое ж як лагодна і ўтульна разляжацца яна ў мяккіх берагах, калі супакоіцца вецер, а над Палессем рассыплецца сонца мільярдамі залатых крупак святла! Спакой і цішыня пануюць тады над зялëнымі аксамітамі балот і лясоў. Бліскучаю сталëваю стужкаю ззяе Прыпяць, і толькі ў глыбозных чорных буктах яе плëскаюцца самы, узнімаючы срэбныя кругі-абручы. А дзед Талаш, пазіраючы на гэтыя забаўкі самоў, ссуне з ілба на патыліцу саламяны капялюш, скажа сам сабе: «О, згінь твая маты! Ось падчапіць бы цябе, завалу!»