Беларуская мова: Уводзіны ў навуку аб мове. Фанетыка. Граматыка, страница 4

Доўгачаканае прызнанне беларуская мова атрымала толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Працэс беларусізацыі ў 20-я ХХ ст. гады закрануў розныя сферы грамадскага жыцця краіны: беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай; на ёй вялося навучанне ў школах, тэхнікумах, ВНУ; выдаваліся шматлікія слоўнікі, у тым ліку тэрміналагічныя. У канцы 20-х гадоў каля 90 % літаратуры ў нашай краіне выпускалася на беларускай мове, было звыш 80 % беларускамоўных школ.

Рэпрэсіі, якія пачаліся ў 30-я гады, абвінавачванні дзеячоў культуры і навукі ў нацыянал-дэмакратызме спынілі працэс плённага і імклівага развіцця беларускай мовы. У 1933 годзе была праведзена арфаграфічная рэформа, на якой адбіліся палітыка-ідэалагічныя ўстаноўкі таго часу: з мэтай «разбурыць створаны нацыяналістамі штучны бар’ер паміж беларускай і рускай мовамі» імкнуліся наблізіць беларускую арфаграфію да рускай, не ўлічваючы папярэднія традыцыі беларускага правапісу. Напрыклад, замест ранейшага сьнег, цьвік, сьмех сталі пісаць снег, цвік, смех, замест кляса, плян - клас, план, замест газэта, сымболь – газета, сімвал).

У 1938 годзе выходзіць пастанова «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей», у выніку чаго сфера выкарыстання беларускай мовы звужаецца і фактычна абмяжоўваецца мастацкай літаратурай, публіцыстыкай. Часткова беларуская мова ўжываецца ў сістэме гуманітарнай адукацыі, навукі. Функцыі дзяржаўнай на Беларусі выконвае руская мова.

Дэмакратычныя пераўтварэнні канца 80-х ― пачатку 90-х гадоў азнаменаваліся прыняццем у 1990 г. Закону аб мовах, які прадугледжваў паступовае перавядзенне дзяржаўнай дакументацыі і сістэмы адукацыі на беларускую мову. Аднак вынікамі рэспубліканскага рэферэндуму 1995 года было зацверджана беларуска-рускае двухмоўе, што прывяло да згортвання распачатых працэсаў аднаўлення беларускай мовы.

Гiсторыя графiкi

Графiка займаецца вывучэннем суадносiн памiж гукамi i лiтарамi, графiка – гэта таксама сукупнасць усiх графiчных сродкаў мовы (алфавiт, апостраф, знакi прыпынку i iнш.)

Графiка беларускай мовы заснавана на кiрылiцы. Стварэнне кiрылiцы звязана з iмёнамi славянскiх асветнiкаў братоў Кiрылы i Мяфодзiя (ІХ ст.). Кiрылiца была распрацавана на аснове дабаўлення да 24-х лiтар вiзантыйскага алфавiта 19-цi лiтар для спецыфiчных славянскiх гукаў. Гэтыя лiтары былi ўзяты з iншых алфавiтаў (з яўрэйскага – ц, ч, ш) або створаны як новыя, тыпова кiрылiчныя. Першай кнiгай, надрукаванай кiрылiцай, прычым менавiта на старабеларускай мове, была “Бiблiя” Ф. Скарыны (1517 г.).

У 1708–1710 гг. Пятром I была праведзена рэформа кiрылiцы. Былi спрошчаны абрысы лiтар, выключаны непатрэбныя (ксі –     , псі – ψ, амега – w, юс вялікі –        , юс малы –       , іжыца – γ і інш.).

У 1735 г. Расійскай Акадэмiяй навук была ўведзена лiтара й (у беларускіх тэкстах яна выкарыстоўваецца значна раней ― з ХVІ cт.), увядзенне лiтары ё прыпiсваюць пiсьменнiку Карамзiну ў 1797 г. (замест спалучэння іо).

З канца ХVІ ст. побач з кiрыліцай пачынаюць ужываць лацiнскую графiку ў сувязi з пашырэннем каталiцызму. Лацiнкай былi напiсаны творы Я. Чачота, В. Дунiна-Марцiнкевiча, Ф. Багушэвiча, надрукаваны газеты «Мужыцкая праўда», «Наша доля», «Наша нiва» (паралельна з кiрылiцай).

З 1912 г. большасць беларускiх тэкстаў друкуюцца кiрылiцай, а лацiнка паступова выходзiць з ужытку. У Заходняй Беларусі лацінкай карысталіся да 1939 года.

У беларускi варыянт алфавiту ў канцы ХІХ ― пачатку ХХ ст. былi ўведзены лiтары i, ў, спалучэнне лiтар шч (замест рускага щ), апостраф, былi выключаны лiтары ђ, и, ъ.

Акрамя ўсходнеславянскіх моў, сёння кірыліцай карыстаюцца балгарская, македонская, сербская мовы. На рускай аснове ў савецкі час створаны алфавіты асецінаў, якутаў, комі, удмуртаў, многіх народаў мусульманскага свету (татараў, узбекаў, казахаў, таджыкаў і інш.).

Формы беларускай нацыянальнай мовы

Беларуская мова існуе ў дзвюх разнавіднасцях — лiтаратурнай і дыялектнай. Літаратурная мова — апрацаваная i нармалiзаваная мова, распаўсюджаная на ўсёй тэрыторыi Беларусi. Яна выкарыстоўваецца ў вуснай і пісьмовай формах.