Беларуская мова: Уводзіны ў навуку аб мове. Фанетыка. Граматыка, страница 10

Правілы пераносу слоў

Ø  Нельга пакідаць ці пераносіць адну літару, нават калі яна абазначае склад (яб-лык, ідэя)

Ø  Падвойныя зычныя пры пераносе раздзяляюцца (пачуц-це)

Ø   Спалучэнні літар дж, дз не раздзяляюцца, калі абазначаюць адзін гук (су-дзіць, прыяз-джаць). Спалучэнні прыставачнай д з каранёвымі ж,з пры пераносе раздзяляюцца (пад-земны, ад-жаць)

Ø  Літары й, ў, ь, а таксама апостраф не аддзяляюцца ад папярэдняй літары (лай-ка, праў-да, міль-ён, ад'-езд), аднак калі ў складаным слове другая частка пачынаецца з ў, то ў далучаецца да другой часткі (збожжа-ўборачны)

Ø  Пры пераносе пажадана, каб складападзел адпавядаў падзелу слова на марфемы (пера-нос, вела-спорт); аднак літара ы, што ідзе за прыстаўкай, не ад-дзяляецца ад прыстаўкі (ады-ход, безы-менны)

Ø  Пры збегу зычных у адной марфеме падзел для пераносу свабодны (ся-стра, сяс-тра, сяст-ра); аднак суфіксы разбіваць не рэкамендуецца (дзяжур-ства)

Ø  Нельга адрываць ініцыялы імёнаў і імёнаў па бацьку ад прозвішча і скарочаныя назвы ад тых лічбаў, да якіх яны адносяцца (Я. Купала, 5 т, 35 см, ХХ ст.)

Правапіс вялікай літары

Ø  З вялікай літары пішуцца імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, псеўданімы, мянушкі, назвы кніг, часопісаў, устаноў, калгасаў, геаграфічныя і астранамічныя назвы і інш. (завод “Ударнік”, Гомельшчына, Луна)

Ø  З вялікай літары пішуцца ўсе словы ў складаных найменнях:

1.  афіцыйных і неафіцыйных назвах дзяржаў і іх частак (Рэспубліка Беларусь, Злучаныя Штаты Амерыкі, Далёкі Усход)

2.  назвах найвышэйшых дзяржаўных устаноў і пасад (Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь, Старшыня Савета Міністраў)

3.  назвах некаторых міжнародных арганізацый (Арганізацыя Аб’яднаных Нацый)

Ø     З вялікай літары пішацца першае слова ў складаных найменнях:

1.  назвах міністэрстваў, устаноў, прадпрыемстваў, навучальных устаноў (Міністэрства замежных спраў, Камскі аўтамабільны завод, Акадэмія навук, Беларускі дзяржаўны універсітэт транспарту)

2.  назвах свят, знамянальных дат, гістарычных падзей (Дзень настаўніка, 9 Мая, Дзевятага мая, Сталінградская бітва).

Выключэнні: Дзень Перамогі, Вялікая Айчынная вайна.

3.  выдзеленых двукоссем назвах узнагарод, назвах газет, часопісаў, літаратурных твораў (ордэн “Мацярынская слава”, газета “Літаратура і мастацтва”)

Ø     З вялікай літары пішуцца прыметнікі:

― калі яны абазначаюць прыналежнасць і ўтвораны ад уласных назваў, прозвішчаў пры дапамозе суфіксаў –аў- (-ав-), -оў- (-ов-), -еў- (-ев-), -ёў- (-ёв-), –ін- (-ын-) (Купалава слова, Машын платок).

Выключэнні – фразеалагізмы (ахілесава пята, гордзіеў вузел, арыядніна  ніць).

Ø     З малой літары пішуцца прыметнікі:

― калі яны ўтвораны ад уласных назваў пры дапамозе суфіксаў –ск-, -аўск-, -оўск-, -еўск- (гомельскія камбайны, купалаўскі стыль).

Выключэнні:

1. геаграфічныя назвы (Гомельская вобласць), гістарычныя назвы (Парыжская камуна);

2. калі прыметнікі ўваходзяць у склад назваў, якія можна замяніць словазлучэннямі са словамі імя, памяці (Коласаўская стыпендыя – стыпендыя імя Я. Коласа, Скарынаўскі універсітэт – універсітэт імя Ф. Скарыны).

Ø      З малой літары пішуцца назвы пасад, тытулаў (міністр, заслужаны дзеяч навукі, народны артыст)

Запомніце    значэнні   фразеалагізмаў книжнага характару

Арыядніна ніць

сродак выйсці з цяжкага становішча

Ада, Арыяда, Арыядна! Мне б цябе і любіць, і сніць, толькі дзе, скажы, Арыядна, арыядніна твая ніць?       (А. Вярцінскі)

Дамоклаў меч

пастаянная небяспека,  неадступная пагроза

Над большасцю сялянскіх хат вечна вісіць дамоклаў меч нядоімак  (П. Галавач)

Карычневая чума

фашызм

Міралюбівыя народы не забылі жахаў вайны і не хочуць адраджэння карычневай чумы  (“Звязда”)

Курыць фіміям

надзвычай узвялічваць, лісліва, падлізліва праслаўляць каго-небудзь

Не курыце, не курыце фіміяму, не свяціце юбілейнае вады, лепш скажыце, што яшчэ, маўляў, ён самы, самы-самы недавучка малады (К. Кірэенка)

Мафусаілаў век

вельмі доўгае жыццё, даўгалецце

Няхай чалавек сам сабе ўстановіць мафусаілаў  век. Няхай людзі прыдумаюць клей, каб прыклеіць адарваную галаву ці руку (А. Мальдзіс)

Танталавы мукі

нясцерпнае мучэнне ад усведамлення блізкасці жаданай мэты і немагчымасці дасягнуць яе

Васіль і ўявіць сабе не мог, якія танталавы пакуты трэба вынесці, перш чым трапіць на тэлеэкран             (В. Блакіт)

Траянскі конь

ашуканства, хітры  падман

Нарыс вылучаецца тым, што гэта траянскі конь, у якім М. Клімковіч паспяхова працягнуў у кнігу ... невялікі зборнічак з рук вон дрэнных вершаў (В. Таўлай)