Тыпы мнагазначнасці слова. Сiстэмныя сувязi ў лексiцы. Стылістыка. Публіцыстычны стыль, страница 8

Навуковы стыль

Сфера навукі, тэхнікі, вытворчасці патрабуе своеасаблівых сродкаў выражэння думкі, якія і знайшлі адлюстраванне ў навуковым стылі. Навуковы стыль рэалізуецца ў манаграфіях, навуковых артыкулах, рэфератах, лекцыях, навуковых дакладах і пад. і існуе пераважна ў пісьмовай форме.

Характэрныя стылёвыя рысы: сэнсавая дакладнасць (адназначнасць выражэння думкi), iнфарматыўная насычанасць, аб’ектыўнасць выкладу, бязвобразнасць, лагічнасць.

Кожная галіна навукі, вытворчасці мае пэўную сістэму спецыяльных найменняў, таму ў навуковым стылі шырока прадстаўлена тэрміналагічная лексіка.

Марфалагiчныя і сінтаксічныя асаблiвасцi навуковага стылю:

Ø пераважае iменная лексiка ў параўнаннi з дзеяслоўнай;

Ø часта ўжываюцца    адцягненыя,  абстрактныя назоўнiкi на -нне, -цыя, -цце (паняцце, градацыя, растварэнне); назоўнiкi, утвораныя ад дзеясловаў (абмежаванне, пашырэнне);

Ø назоўнiкi часта выкарыстоўваюцца ў родным склоне  (тэмпература плаўлення, знак кангруэнтнасцi);

Ø пашыраны дзеясловы ў форме цяперашняга часу, якiя абазначаюць пазачасовае дзеянне (Вуглярод уваходзiць у склад вуглякiслага газу. Атамы рухаюцца);

Ø замест дзеясловаў часта ўжываюцца дзеяслоўна-iменныя словазлучэннi (знаходзяць прымяненне, аказваюць уздзеянне, уступаюць ва ўзаемадзеянне);

Ø пашыраны  прыназоўнiкi, прыназоўнікавыя спалучэнні, злучнiкi, утвораныя ад назоўнiкаў (пры дапамозе, у якасцi, у адносiнах, у залежнасцi ад, у сувязі з)

Ø сказы вельмi часта ўскладняюцца аднароднымi членамi, дзеепрыслоўнымi i дзеепрыметнымi зваротамi, удакладняльнымі членамі сказа, пабочнымi словамi і г.д.:

Шчытападобны храсток, самы буйны храсток гартані, складаецца з дзвюх чатырохвугольных пласцінак, злучаных пад вуглом у пярэдняй частцы гартані. Вугал злучэння пласцінак у жанчын складае прыкладна 120º, у мужчын - 90º.  У мужчын гэты вугал вельмі выступае наперад, утвараючы выступ гартані – “адамаў яблык”.

Запомніце выдзеленыя значэнні запазычаных слоў.

 Прыдумайце з імі невялікія сказы

Дагматызм

(ад грэч. dogma, -atos ‘думка, вучэнне’) – некрытычнае мысленне (догмамі), сляпая вера  ў нязменнасць тых або іншых палажэнняў, прызнанне іх за бясспрэчную ісціну

Дактрына

(лац. doctrina ‘навука’) – сістэматызаванае  вучэнне (звычайна філасофскае, палітычнае, ідэалагічнае), звязная канцэпцыя, сукупнасць тэарэтычных ці палітычных прынцыпаў  (напрыклад, дзяржаўная дактрына, ваенная дактрына)

Дылема

(грэч. dilemma) – 1) суджэнне або вывад з двума ўзаемавыключальнымі палажэннямі, з якіх неабходна выбраць адно, бо трэцяе немагчыма; 2) перан. цяжкі выбар паміж дзвюма магчымасцямі

Субардынацыя

(лац. subordinatio) – 1) сістэма строгага падпарадкавання малодшых службовых асоб старшым; 2) фізіялаг. уплыў цэнтральнай нервовай сістэмы на функцыянальны стан перыферычнай нервовай сістэмы

Схаластыка

(грэч. scholastikos ‘школьны’) – 1) сярэдневяковая рэлігійна-ідэалістычная  філасофія, якая вызначалася абстрактнымі разважаннямі і фармальнымі лагічнымі мудрагельствамі; 2) перан. фармальныя веды, адарваныя ад жыцця

 


18.Прачытайце тэкст. Які вывад можаце зрабіць?

Калi хочаце, мова – гэта акiян. Можна чэрпаць i налiваць у ёмiстасцi рознай формы. Адна i тая ж вада прымае форму куба, бутэлькi, амфары, крыштальнага шара i бруднай лужы.

Шмат моў унутры адной мовы, ну, або, скажам мягчэй, шмат моўных сфер. Успомнім некаторыя з іх.

Мова тэхнічнай і дакументальнай інфармацыі. Мова судаводства і пратаколаў. Мова газетнай інфармацыі. Мова вучоных дакладаў, папулярных лекцый, застольных прамоў, справаздачных дакладаў... Мова, якой я пішу заяву аб прадстаўленні мне жылплошчы, і мова, якой я пішу санет.