Тыпы мнагазначнасці слова. Сiстэмныя сувязi ў лексiцы. Стылістыка. Публіцыстычны стыль, страница 4

1. Гарманічнае спалучэнне ... з грамадскім – тыповая рыса нашага сучасніка. 2. На душы было так радасна, што хацелася зрабіць нешта ... добрае, каб усе адчулі гэтую радасць. 3. У гэты час маёр быў ад’ютантам для ... даручэнняў.   4. З-за сцяны можна было пачуць толькі ... словы, смех ды гукі гармоніка.       5. Папкі з ... справамі  стаяць у шафе, што справа ад уваходу.

14. Утварыце антонiмы ад прыведзеных слоў пры дапамозе прыставак

анты-, а-, дыс-, дэз-, дэ-, контр-

Лагiчны, арганiзаваць, iнфармацыя, кадзiраваць, разведка, мабiлiзацыя, сiметрычны, атака, санiтарны, функцыя, ген, квалiфiкацыя, мантаж, алкагольны.

15.† Падбярыце да прыведзеных слоў антонiмы i згрупуйце  iх па часцiнах мовы

Ганарыцца, белыя, надзея, пазiтыўны, матэрыяльна, малiцца, сiмпатыя, удоўж, усемагутны, пад’ём, донар, радыкальны.  

16. Успомнiце прыказкi з антонiмамi

Заўтра-сёння, летам-зiмой, новы-стары, сыты-галодны, блiзка-далёка, разумны-дурань, вайна-мiр, мякка-цвёрда, п’яны – цвярозы.

17. Складзіце  невялiкае разважанне на адну з тэм

Жыццё i смерць.

Вайна i мiр.

Каханне i нянавiсць.

Смеласць i баязлiвасць.

Моцныя i слабыя бакi чалавечага характару.

Дабро і зло.

Стылістыка

Стыль (грэчаскае stylos ‘завостраная з аднаго канца палачка, якой пісалі на васковых дошчачках’)  –  гэта сукупнасць прыёмаў адбору i выкарыстання моўных сродкаў у залежнасцi ад характару i зместу выказвання. Выдзяляюць моўныя сродкi мiжстылёвыя (нейтральныя), якiя ўжываюцца ва ўсiх стылях. Гэта словы для абазначэння паўсядзённых рэалій (вецер, падлога, бацька і пад.), дзеянняў і прымет (сядзець, ехаць, вялікі, далёкі і пад.), лічбаў (дзесяць, пяты і пад.) і г.д.

Стылi падзяляюцца на размоўны і кнiжныя (стыль  мастацкай лiтаратуры, публiцыстычны,  афiцыйна-справавы, навуковы).

Размоўны стыль ужываецца ў бытавых зносінах, а таксама ў  неафіцыйных зносінах на вытворчасці, ва ўстановах. Асноўная форма існавання размоўнага стылю – вусная. Яму ўласцівы суб’ектыўнасць, непасрэднасць, выкарыстанне экспрэсіўна-эмацыянальных моўных сродкаў, жэстаў, мімікі.

Стыль мастацкай літаратуры  мае  сінтэтычны характар: можа спалучаць ў сабе рысы розных стыляў. Ён выконвае спецыфічную функцыю – эстэтычную, якой і падпарадкавана выкарыстанне моўных сродкаў. Вызначальнымі прыметамі стылю мастацкай літаратуры з’яўляюцца вобразнасць, эмацыянальнасць, выкарыстанне сінонімаў.

Публіцыстычны стыль

          Публіцыстычны стыль выкарыстоўваецца ў грамадска-палітычнай сферы зносін людзей. Ён рэалізуецца ў сродках масавай інфармацыі, аратарскіх выступленнях.

          Публіцыстычны стыль выконвае дзве асноўныя функцыі – паведамлення  (інфарматыўная функцыя) і ўздзеяння (экспрэсіўная функцыя). На першы план можа выступаць функцыя паведамлення:

          “Беларусь – за здаровы лад жыцця” – так называецца Рэспубліканская інфармацыйная акцыя, пачатак якой пакладзе 1-я Міжнародная спецыялізаваная выстаўка “Тыдзень моды на здароўе”, дзе наведвальнікі змогуць азнаёміцца з таварамі і паслугамі здаровага ладу жыцця. Як паведамлялася на прэс-канферэнцыі Міністэрства інфармацыі, выстаўка пройдзе ў Мінску з 3 па 8 лютага 2004 года ў выставачным павільёне НВЦ “БелЭспа” (вул. Янкі Купалы, 27).

          Тэматыка выстаўкі самая разнастайная: СМІ за здаровы лад жыцця, дзейнасць НАКа, спортабсталяванне, спартыўная мода, спартыўна-аздараўленчыя комплексы, салоны прыгажосці, медыцынскія і касметалагічныя цэнтры.

          Будуць прадстаўлены Цэнтр прафілактыкі СНІДа, венералагічныя і наркалагічныя дыспансеры, вытворцы аздараўленчых прадуктаў харчавання, турыстычныя кампаніі, таварыствы паляўнічых і рыбаловаў (Аргументы і факты, студзень 2004 г.)  

          У прыведзеным артыкуле  аўтар не выказвае сваіх адносін да таго, пра што ён піша. Падобныя прыклады публіцыстычнага стылю прадстаўлены ў выпусках навін па тэлебачанні, ў жанры хранікальнай заметкі. У гэтай разнавіднасці публіцыстыкі выпрацавана своеасаблівая фразеалогія, якая дазваляе дакладна і сцісла перадаваць інфармацыю (мірнае наступленне, скарачэнне ўзбраенняў, прэзідэнцкая кампанія, пакет прапаноў, ратыфікацыя  дагавору).