Тыпы мнагазначнасці слова. Сiстэмныя сувязi ў лексiцы. Стылістыка. Публіцыстычны стыль, страница 12

Ад тэрмінаў неабходна адрозніваць прафесіяналізмы, якія таксама ўваходзяць у склад спецыяльнай лексікі. Прафесіяналізмы з’яўляюцца паўафіцыйнымі словамі, выкарыстоўваюцца пераважна ў гутарковым стылі вузкім колам спецыялістаў і характарызуюцца  наяўнасцю экспрэсіўна-эмацыянальных элементаў.  Напрыклад, у асяроддзі медыкаў бытуюць наступныя прафесіяналізмы: кубік ‘адзінка вымярэння вадкіх лекавых формаў’, палачкі ‘палачкаядзерныя лейкацыты ў крыві’,  кукушка ‘прамыванне поласці рота метадам перамяшчэння’ (хворы пад час працэдуры тэарэтычна павінны гаварыць “ку-ку”, каб не захлынуцца), дзяцінства ‘дзіцячае аддяленне  бальніцы’, у рэаніматолагаў зазямліць абазначае ‘не выратаваць пацыента’, у нейрахірургаў чэрапнікі – гэта ‘хворыя з чэрапна-мазгавой траўмай’, праветрыць мазгі – ‘зрабіць трэпанацыю чэрапа’.

Тэрмiны ўтвараюцца заўсёды свядома, па меры ўсведамлення iх неабходнасцi. Гэта пацвярджаецца тым, што многія тэрміны маюць аўтарства, вядомы імёны іх стваральнікаў. Словы ж, якія належаць да нетэрміналагічнай лексікі, узнікаюць, як правіла, стыхійна, у працэсе зносін. 

Спецыфiка тэрмiнаў:

Ø дакладнасць тэрміна патрабуе, каб аднаму знаку ў тэрмінасістэме адпавядала адно азначаемае, таму навука i тэхнiка пазбягаюць мнагазначнасцi ў тэрмiналогii. Тэрмiн можа мець некалькi значэнняў, але яны, часцей за ўсё, належаць да розных тэрмiнасiстэм: лакуна – медыцынскае ’пустка памiж органамi’, лiнгвістычнае ’прапушчанае месца ў тэксце’; iнтэрферэнцыя – медыцынскае  ’з’ява пры заражэннi арганiзма рознымi вiрусамi, калi пад уздзеяннем адных з iх клеткi арганiзма выпрацоўваюць iнтэрферон, што падаўляе развiццё iншых вiрусаў’; лінгвістычнае ‘ўзаемапранiкненне моўных элементаў у вынiку кантактавання моў’.

Часам некалькі значэнняў развіваецца ў тэрміна і ўнутры адной тэрміналагічнай сістэмы. Тут значнае месца займае метанімічны тып сувязі, калі значэнні аб’ядноўваюцца на аснове асацыяцый па сумежнасці ў прасторы і часе: гіпертанія ‘павышэнне крывянога ціску; хвароба, якая выражаецца ў павышэнні крывянога ціску ў артэрыяльных сасудах’;  акушэрства ‘раздзел медыцыны, які вывучае пытанні цяжарнасці, родаў і г.д.; аказанне практычнай медыцынскай дапамогі пры родах’.

Тэрміны часта ўтвараюцца ў выніку метафарычнага пераасэнсавання агульнаўжывальных слоў: атака ‘імклівы напад войск на пазіцыі праціўнаіка; рэзкае абвастрэнне хваробы’; шыйка сцягна, шыйка жоўцевага пузыра, корань зуба.

Ø адсутнасць экспрэсiўнасці, эмацыянальнасці.

У асобных  выпадках стварэнне тэрмінаў звязана з вобразнымі асацыяцыямі. Напрыклад, наіўнымі кілерамі і натуральнымі кілерамі называюць клеткі, якія ўдзельнічаюць ў абаронных рэакцыях арганізма, а смяротным пацалункам – разбурэнне натуральнымі кілерамі чужародных клетак. Пад час функцыянавання падобных слоў у якасці тэрмінаў іх вобразнасць страчваецца.

Ø сiстэмнасць. Тэрмiны iснуюць як узаемазалежныя элементы пэўнай тэрмiналагiчнай сiстэмы. Яны могуць уступаць памiж сабой у сiнанiмiчныя, антанiмiчныя  адносiны (вашывасць – педыкулёз, мiкрацэфал – макрацэфал, блізарукасць – дальназоркасць),  прычым значная колькасць сінанімічных пар утвараецца з уласнабеларускага і запазычанага адпаведнікаў (крываўка – дызентэрыя, заражэнне  - інфекцыя, прастрэл – люмбага).

Паводле будовы тэрмiны ўяўляюць сабой словы або словазлучэннi. У якасцi слоў-тэрмiнаў выкарыстоўваюцца толькi назоўнiкi, прыметнiкi (абартыўны, дыяфрагмальны, міжмышачны), дзеясловы (анатамiраваць, інерваваць, перкутаваць) i прыслоўi (унутрывенна, унутрымышачна).

Тэрміны ўтвараюцца шляхам запазычання з іншых моў (у медыцынскай тэрміналогіі гэта, у асноўным, грэка-лацінскія запазычанні), пераасэнсавання значэння слоў (гл. шыйка сцягна, наіўныя кілеры), пры дапамозе ўласных словаўтваральных сродкаў (адчувальнасць, цяжарнасць, запаленне). Значная частка беларускіх тэрмінаў ўтвараецца шляхам калькавання рускіх тэрмінаў: міжсценне, пераддзвер’е, перадплечча, прываротнік.