З гісторыі кнігадрукавання. Станаўленне славянскага кнігадрукавання. Кнігадрукаванне ў Беларусі. Тэхніка, аздабленне, культура кнігі, страница 6

Брацкае беларускае кнігадрукаванне – асноўны пераемнік выдавецкіх, мастацка-паліграфічных, літаратурных, моўных, дэмакратычных і асветніцкіх традыцый Скарыны. Канец XVI – сярэдзіна XVII ст. – асноўны перыяд ў дзейнасці беларускага брацкага кнігадрукавання. Этнічная аснова брацкага кнігадрукавання і выдавецкай дзейнасці Скарыны была аднатыпнай.

Таксама як і Скарына, брацкія кнігадрукары неаднаразова падкрэслівалі сваё імкненне служыць “рускаму народу”, распаўсюджваць свае выданні на ўсе “расійскія землі” (тэрмін “Расія” ў брацкім кнігадрукаванні канца XVII ст. звычайна быў адэкватны тэрміну “Русь” у выданнях Скарыны).

Кнігадрукарская дзейнасць Скарыны і брацтваў мела аднатыпную сацыяльную аснову(слаі насельніцтва, якія адыгралі вырашальную ролю ў арганізацыі першых беларускіх і пазнейшых брацкіх друкарняў, а таксама тое сацыяльнае асяроддзе, якому пераважна прызначаліся і былі даступныя гэтыя выданні).

У дзейнасці Пражскай і Віленскай друкарняў Скарыны ўдзельнічалі прадстаўнікі беларускага мяшчанства, гандлёва-прадпрымальніцкіх колаў Вільні. Асобы, якія падтрымлівалі выдавецкую дзейнасць Скарыны, уваходзілі ў склад брацтваў, што аб’ядноўвалі гандлёва-прадпрымальніцкія колы горада. Брацкія выдаўцы арыентаваліся на старажытнарускую, старажытнабеларускую культуру. Прыкметную частку брацкай выдавецкай прадукцыі складала так званая Чэцця кніга, якая прызначалася да келейнага або хатняга чытання: творы Іаана Златавуса, Макарыя Егіпецкага, Фікарыя Святагорца і інш.

Узорам мастацка-апавядальных выданняў быў сярэдневяковы агіяграфічны раман “Гісторыя пра Варлаама і Іасіфа”, які выйшаў у 1637 годзе ў Куцейне (выдаўцы прыпісалі яго Іаану Дамаскіну, беларускі пераклад зрабіў архімандрыт магілёўскага багамаўленскага манастыра І. Полаўка). Брацтвы падрыхтавалі некалькі важных граматычных і слоўнікава-лексіграфічных выданняў. Выданні беларускіх брацтваў распаўсюджваліся таксама на Украіне, у Расіі.

Дзейнасць Скарыны аказала вялікі ўплыў на развіццё кнігадрукавання і пісьменства на Беларусі, Ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім. Яна адчыніла ранні этап у гісторыі друкарства на Беларусі, які ахопліваў XVI-XVIII стагоддзі. У гэты перыяд на тэрыторыі ВКЛ ствараюцца і працуюць 19 беларускіх друкарань, якія выпускаюць ў свет каля 400 кірыліцкіх выданняў. Асноўнымі пераемнікамі і рэфарматарамі скарыніцкіх традыцый былі беларускія прыватнаўласніцкія (Нясвіж, Цяпіна, Лоск, Вільня – Пётр Мсціславец, Васіль Гарабурда, Мамонічы, Куцейна – Спірыдон Собаль, Магілёў – Васіль Вашчанка і інш.) і асабліва брацкія друкарні нацыянальна-культурнай арыентацыі.

Кнігадрукаванне наогул было рэвалюцыйным пераваротам ў духоўным жыцці Еўропы, і Беларусь у гэтым сэнсе не з’яўлялася выключэннем. Кнігадрукаванне моцна ўплывала на развіццё літаратуры, пісьменства, усіх гуманітарных навук, грамадска-палітычныя і царкоўна-рэлігійныя адносіны. Прадаўжальнікі першадрукара садзейнічалі распаўсюджванню рэнесансавай і гуманістычнай культуры, асветніцтва і вальнадумства, фарміраванню нацыянальнай і сацыяльнай свядомасці.

Кнігі беларускіх друкароў і выдаўцоў аказалі жыватворны ўплыў на развіццё беларускай літаратурнай мовы, уніфікацыі арфаграфіі, пісьменнасць. Яны зацвярждалі права беларускай мовы на самастойнае развіццё ва ўсіх галінах духоўнай культуры і чалавечай дзейнасці, што мела выключнае значэнне ў кансалідацыі і развіці беларускага народа ў складаных палітычных, царкоўна-рэлігійных, этна-культурных умовах Рэчы Паспалітай.


Літаратура

450 год беларускага кнігадрукавання. – Мн, 1964

Немировский Е.Л. Начало славянского книгопечатания. – М., 1971

400 лет русского книгопечатания. т.1, т.2. – М., 1964

Пятьсот лет после Гуттенберга. 1468-1968. – М., 1968

Маркс К, Энгельс Ф. Сочинения. т.20, с.501

Владимиров Л.И. Всеобщая история книги. М., 1988. с.102

Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1984, т.1, с.506-508

Прашкевіч М. Францішак Скарына. Мн., 1987