Праца, пачатая Францыскам Скарынаю, дала багатыя і плённыя ўсходы. Яго культурна асветніцкія традыцыі на Беларусі развівалі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Друкарская дзейнасць вялікага асветніка зрабіла вялікі ўплыў на развіццё рускага і беларускага кнігадрукавання: Сцежкаю, пратаптанаю Францыскам Скарынаю, ішлі Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец...
Штогод, калі з дрэў злятае першы восеньскі ліст, на радзіме асветніка праводзіцца скарынінскае свята, свята кнігі.
Імя нашага першадрукара ўбачыш сёння і ў назве вуліцы, бібліятэкі, друкарні. Цудоўны помнік узняўся яму на прыгожай плошчы ў родным Полацку. Задуменна натхнёны стаіць Скарына, як бы вярнуўшыся з далёкіх дарог чужыны на бацькаўшчыну.Стаіць у задуме Скарына, трымаючы ў руках Кнігу, з якой ён прыйшоў да кожнага з нас.
Тэхніка, аздабленне, культура кнігі.
Асновай паліграфічнай тэхнікі беларусскіх друкароў – з часоў Скарыны і да канца XVIII ст. – складаў ручны друкарскі станок вертыкальнага друку. Друкарскі станок – масіўнае драўлянае збудаванне – замацоўвалі дзве вертыкальныя бакавыя апоры з папярочнымі перакладзінамі. У сярэдняй перакладзіне “сядзела” гайка, у якой хадзіў вертыкальны вінт – латунны або жалезны “шуруп”, да ніжняй часткі якога прымацоўвалася націскная дошка. Гняздо ў тынглі давала яму магчымасць пры кругавым і адначасова вертыкальным руху вінта рабіць толькі вертыкальныя хады: уніз на набор і ўверх.
Вінт прыводзілі ў рух доўгім рычагом – “вачай” (куха), пры дапамозе якога аркуш прыціскаўся да друкарскай формы з нанесенай фарбай. Друкаванне патрабавала значных намаганняў майстра, таму апоры нярэдка мацаваліся распорамі да столі і вінтамі да падлогі. На ніжняй частцы друкарскага станка змяшчаўся плоскі стол (“талер”), які выцягваўся з дапамогай меднага калаўрота з зубцамі. Ён дазваляў пасля падняцця націскной дошкі вывезці друкарскую форму для далейшых аперацый (замена паперы, друкарскай формы, ксілаграфіі і інш.)
На друкарскую форму накладвалася драўляная рамка – “рашотка (“цімпан”), абклееная цялячай скурай (“апойкамі”). Каб аркуш не западаў на форме, не пэцкалася поле і прабельныя месцы фарбай, яго прыкрывалі знізу плоскай пергаментнай(пазней металічнай) рамкай з вокнамі(“рашкетам”).
На выраб друкарскага станка ў XVI стагоддзі ішло каля 30 пудоў дубовай драўніны, 7-9 пудоў медзі і жалеза. Кошт друкарскага станка вагаўся ў залежнасці ад складанасці і колькасці абсталявання і прылад. Друкарні Скарыны ў Празе і Вільні мелі адзін друкарскі станок. Брэсцкая друкарня Цыпрыяна Базіліна (1560-1570 гады) карысталася двума станкамі, трыма друкарскімі формамі. У XVI ст. адзін друкарскі станок абслугоўвалі 2-3 работнікі, у XVII-XVIII стагоддзях – да 5. Апошні ўзор старажытнага друкарскага беларускага станка захоўваўся да Вялікай Айчыннай вайны ў полацкім краязнаўчым музеі.
Асноўныя працэсы кнігадрукарскай вытворчасці ў час Скарыны складалі:
1) падрыхтоўка матэрыялаў для будучай друкарскай формы, гэта значыць адліўныя (“словалітныя”, “гісерскія”) працы, выраб гравюр;
2) складанне друкарскай формы – набор;
3) непасрэдны працэс друкавання і дапаможныя аперацыі – падача паперы, накатка фарбы, прасушванне адбіткаў і інш.
Шрыфты паўсюдна вырабляліся з дапамогай пунсонаў і матрыц. Пунсоны ўбіваліся ў плітку чырвонай медзі, потым гатовая матрыца закладвалася ў разборную адліўную форму. Акрамя літар, што адліваліся з гарту (сплаў свінца, олава, сурмы), майстар вырабляў і іншыя матэрыялы друкарскай формы – шпацыі, квадраты, шпоны, марзаны, лінейкі і інш. Дрэварыты выконваў мастак-гравёр. Звычайна выкарыстоўваліся дошкі з ліпавай, грушавай, дубовай драўніны. У невялікіх друкарнях часоў Скарыны шмат якія працы выконваліся адным майстрам-універсалам.
Цяжкай справай было набыццё паперы для кнігадрукавання. У канцы XV – пачатку XVI ст. папера не выраблялася яшчэ ні ў Польшчы, ні на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, ні ў Чэхіі ці Славакіі. Першыя папяровыя дакументы з явіліся ў Беларусі ўжо ў сярэдзіне XIV стагоддзя, на дарагой паперы італьянскай, французскай, нямецкай вытворчасці. Стапа паперы (500 аркушаў) каштавала ў ВКЛ часоў Скарыны ад аднаго да некалькіх дзесяткаў злотых. З развіццём канцылярскага справаводства, пісьменства і кнігадрукавання папера стала важным аб’ектам знешняга і ўнутранага гандлю.
Уважаемый посетитель!
Чтобы распечатать файл, скачайте его (в формате Word).
Ссылка на скачивание - внизу страницы.