З гісторыі кнігадрукавання. Станаўленне славянскага кнігадрукавання. Кнігадрукаванне ў Беларусі. Тэхніка, аздабленне, культура кнігі, страница 3

Цікава адзначыць, што  ў першай трэці XVI ст. у Вільні жыў брат Францішка – Іван Лукіч Скарына. Ён уваходзіў у суполку з некаторымі членамі магістрата (вядомы віленскі купец Міхаіл Мацеевіч, радца Сенька Андрэевіч і інш.). Можна не сумнявацца, што Іван Скарына стаў кампаньёнам  Івана Скарыны.

Калі распачыналася друкарская дзейнасць Скарыны ў Вільні, у 1521г., у склад рады ўваходзілі Якуб Бабіч, Юрый Адвернік, Андрэй Мікалаевіч, Мікалай Міхус, Янушка Ганус Чорны, Грыгорый і Георгій Мяковічы, Стэфан Сырамятнік, Мікалай Воўк, Пётр Лаўрын.

Па-рознаму тлумачаць даследчыкі прычыны спынення Скарынам яго выдавецкай дзейнасці і ад’езду ў Прагу. Ніводнага з былых мецэнатаў Скарыны (Бабіч, Адвернік) не было ўжо у жывых у канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў. У 1529г. памёр у Познані брат Францыска Іван Скарына. Судовыя цяжбы з віленскімі сваякамі жонкі і з пазнанскімі крэдыторамі Івана Скарыны, магчыма, паўплывалі на фінансавае становішча першадрукара, хаця абодва працэсы ён выйграў.

У 1530г. вялікі пажар у Вільні вынішчыў большую частку арыстакратычных кварталаў горада. Друкарская дзейнасць Скарыны абарвалася ў 1525г. Асноўную ролю у спыненні друкарскай і выдавецкай дзейнасці Скарыны адыгралі сацыяльныя і грамадска-палітычныя ўмовы. З’яўленне свецкага друкавання, якое абмяжоўвала духоўную манаполію царквы, бясспрэчна, выклікала процідзеянне з боку пэўных слаёў каталіцкай, а магчыма, і праваслаўнай іерархіі. Каталіцкі епіскапат  Вільні не мог адобрыць дзейнасць першадрукара па выданню “рускіх” кніг, вядома сваімі сувязямі з Чэхіяй, “лютэранскімі” краінамі. Невыпадкова віленскі капітул заказваў кнігі не ў віленскай друкарні Скарыны, а ў кракаўскіх выдавецтвах.

... Пасля пачаліся гады вандраванняў. Родны сын Беларусі і прыёмны сын Прагі зноў пад рэзкім ветрам на бясконцых дарогах. Бясконцая змена гарадоў. Вечныя спрэчкі з праваслаўнай і каталіцкай, рэфармацкай догмамі. Частку ягоных кніг спалілі, і ледзь не спалілі яго самога.

... А потым, відаць, адмовілі ў грашах на выданне новых кніг мецэнаты. Грашовае становішча Скарыны зусім не бліскучае. Пачаліся суды, страшнае сярэдневяковае кручкатворства, горы паперы, якая так была б патрэбна для кніг, для ягоных кніг. Той паперы, на якую ён звёў ўсе свае грошы і без якой заўсёды задыхаўся.

А пасля, як на Іова, пасыпаліся яшчэ і яшчэ няшчасці. Канфіскацыя маёмасці. Страшны Віленскі пажар 1530 года, у якім, відаць, згарэла і друкарня.

Ён едзе ў Кёнігсберг, і хаця герцаг Альбрэхт лічыць яго ледзь не самым выдатным вучоным свету – пратэстанты хутка выжываюць яго адтуль. Ён едзе ў Маскву, каб друкаваць кнігі там – царкоўнікі ствараюць вакол яго такую пякельную атмасферу, што ён вымушан пайсці і адтуль.

... На ўсёй шырокай зямлі для яго няма месца. Ён – Іоў. І, самае страшнае, ён цяпер нідзе не можа выдаваць кнігі. “Удзячны” народ не падтрымаў яго. Праўдзівей, яшчэ мала і слаба ведаў аб ім.

Яго кнігі не патрэбны нават братам. То каму яна патрэбная, кніга на беларускай мове?

Каля 1534 або 1535 года Скарына ў зноў Празе. Ён назаўсёды пазбаўлены магчымасці і права выдаваць кнігі.

Але акрамя ўсяго, ён яшчэ славуты лекар. Ён лечыць пражскі люд. Ён робіцца вучоным садаводам-батанікам пры двары Фердынанта І. Батанічны сад быў закладзены ў Празе ў 1534 годзе, і Францыск Скарына, несумненна, быў адным з яго заснавальнікаў. І вось усе апошнія гады жыцця вялікі асветнік праводзіць між кветак і дрэў, у садзе, створаным і яго рукамі.

Усё жыццё ён бараніў людзей ад духоўнай і фізічнай смерці. Смерць і неўміручасць прыйшла да яго каля 1551 года. Ніхто не ведае, дзе ён пахаваны. Можна думаць, што недзе на старых могілках на Градчанах. Але ад іх даўно не засталося і следу. Так што магілай яго трэба лічыць проста Прагу.

Хутка пасля смерці першадрукара на Беларусі друкарні пачалі расці як грыбы. Пераможнага шэсця кнігі ўжо нельга было спыніць. Розум чалавечы ўставаў ва ўвесь рост, хаця доўга яшчэ, цяжка, пакутна было яму ісці – першы крок быў зроблены.