Cусветныя прыродныя рэсурсы (Развернуты план-канспект урока геаграфіі ў 10 класе), страница 5

Драўніна з даўніх часоў шырока выкарыстоўвалася як будаўнічы і вырабны матэрыял, тым больш гэта адносіцца да нашага часу. I ў нашы дні расце попыт на дровы, і не менш за 1/2 усёй драўніны, якая нарыхтоўваецца ў свеце, ідзе на гэтыя мэты. Нарэшце, на працягу тысячагоддзяў — пачынаючы з неаліту, калі ўзнікла земляробства,— лясы зводзіліся пад ворыва і плантацыі. Толькі за апошнія дзвесце гадоў лясістасць зямной сушы памен-шылася ў два разы і абязлесенне набыло пагражальныя маштабы. 3 ім звязана і пашырэнне эрозіі глеб, і скарачэнне запасаў кіслароду ў атмасферы.

Прыклад. Плошча лясоў у свеце штогод памяншаецца як мінімум на 25 млн га, або на 0,6 %. Сусветная нарыхтоўка драўніны ў 2000 г. павінна дасягнуць 5 млрд м3. Гэта азначае, што яе штогадовы гадавы прырост будзе фактычна выкарыстаны поўнасцю.

Лясы свету ўтвараюць два вялізныя па працягласці паясы паўночны і паўднёвы.

Паўночны лясны пояс знаходзіцца ў зоне ўмеранага і часткова субтрапічнага клімату. На яго прыпадае 1/2 усіх лясных масіваў у свеце і амаль такая ж частка запасаў драўніны. Тут вядуцца галоўныя лесараспрацоўкі, перш за ўсё асабліва каштоўнай драўніны хвойных парод. Нягледзячы на інтэнсіўную эксплуатацыю, дзякуючы работам па лесааднаўленню і лесаразвядзенню (у ЗША, Канадзе, Фінляндыі, Швецыі) агульная плошча лясоў паўночнага пояса не памяншаецца. Аднак у Расіі высечка лясоў перавышае іх прырост.

Паўднёвы лясны пояс знаходзіцца ў асноўным у зоне трапічнага і экватарыяльнага клімату. На яго прыпадае 1/2 усіх лясных масіваў у свеце і больш за 50 % агульнага запасу драўніны. Раней яе выкарыстоўвалі ў асноўным на дровы, у апошні час у многа разоў павялічыўся экспарт у Японію, Заходнюю Еўропу, ЗША. Вялікія страты лясам паўднёвага пояса наносяць таксама падсечка — агнявая сістэма земляробства, якая вядзецца многія сотні гадоў, экстэнсіўная пашавая жывёлагадоўля. Усё гэта пры-водзіць да катастрафічна хуткага знішчэння лясоў.

Прыклад.  Вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы яшчэ займаюць больш за 1  млрд га, прычым больш за палавіну іх плошчы — у Лацінскай Амерыцы. Аднак Лацінская Амерыка і Азія ўжо страцілі 40 % такіх лясоў, а Афрыка — 50 %. Вучоныя лічаць, што гэтыя лясы знаходзяцца пад пагрозай поўнага знішчэння да сярэдзіны XXI ст.

Вялікія работы па захаванню трапічных лясоў пачаты пад кіраўніцтвам ААН, але пакуль яны не прынеслі жаданых вынікаў. Таму меры па рацыянальнаму выкарыстанню лясных рэсурсаў працягваюць заставацца вельмі актуальнымі.

6. Рэсурсы Сусветнага акіяна: кладоўка багаццяў. Вы, напэўна, чулі, што ў апошнія дзесяцігоддзі ў выніку даследаванняў вучоных-акіянолагаў усяго свету, у тым ліку такіх заснавальнікаў акіяналогіі, як Ю. М. Шакальскі (1856—1940), У. Ю. Візе (1886— 1954), М. М. Зубаў (1885—1960), П. П. Шыршоў (1905—1953), К. К. Маркаў (1905—1980), работы дзесяткаў экспедыцый людзі разгадалі многія тайны Сусветнага акіяна. 3 дапамогай марской геалогіі даказана, што Акіян з'яўляецца вялізнай кладоўкай пры-родных рэсурсаў, якія па свайму патэнцыялу можна цалкам параўнаць з рэсурсамі зямной сушы.

Гэта перш за ўсё сама марская вада, запасы якой сапраўды каласальныя і складаюць 1338 млн км3, або 96,5 % усяго аб'ёму гідрасферы. Акрамя таго, марская вада — гэта своеасаблівая «жывая руда», якая ўтрымлівае 75 хімічных элементаў. Яшчэ старажытныя егіпцяне і кітайцы навучыліся здабываць з яе соль, якую і цяпер атрымліваюць у вялікай колькасці. Марская вада служыць таксама крыніцай атрымання магнію, брому, ёду.

Затым мінеральныя рэсурсы дна Акіяна. Сярод рэсурсаў кантынентальнага шэльфа найбольшае значэнне маюць нафта і прыродны газ; па болшасці ацэнак, на іх прыпадае не менш як 1/2 агульнасусветных запасаў. Цвёрдыя карысныя выкапні шэльфа здабываюць з дапамогай нахільных шахт і драг. (Безумоўна, калі не лічыць такой сапраўды «залатой жылы», як скарбы зата-нуўшых суднаў, якія ўсё часцей становяцца здабычай сучасных «рыцараў нажывы») Галоўнае багацце глыбакаводнага ложа Акіяна — жалезамарганцавыя канкрэцыі.

Далей, гэта энергетычныя рэсурсы вод Сусветнага акіяна. Патэнцыял іх велізарны.