Cусветныя прыродныя рэсурсы (Развернуты план-канспект урока геаграфіі ў 10 класе), страница 4

Праблема ў тым, што галоўнай крыніцай задавальнення патрэб чалавецтва ў прэснай вадзе былі і застаюцца рачныя воды, якія вызначаюць «водны паёк» планеты — 47 тыс. км2. Ен не такі ўжо значны, асабліва з улікам таго, што рэальна можна выкарыстаць менш за 1/2 гэтай колькасці. Спажыванне ж прэснай вады ўвесь час расце і да 2000 г. павінна перавысіць 5 тыс. км3 у год у параўнанні з 3,5 тыс. км3 у 1980 г. Да таго ж галоўны спажывец — сельская гаспадарка, дзе вельмі вялікі беззваротны выдатак вады, асабліва на арашэнне. Падобны рост спажывання пры нязменных рэсурсах рачнога сцёку стварае рэальную пагрозу ўзнікнення дэфіцыту прэснай вады.

Але, акрамя таго, запасы прэснай вады на Зямлі размеркаваны вельмі нераўнамерна. У экватарыяльным поясе і паўночнай частцы ўмеранага пояса яна ёсць у дастатку і нават з лішкам. Тут размешчаны самыя мнагаводныя краіны, дзе на душу насельніцтва прыпадае больш за 25 тыс. м3 у год. У засушлівым поясе Зямлі, які ахоплівае 1/3 тэрыторыі сушы, дэфіцыт вады адчуваецца асабліва востра. Тут размешчаны самыя малаводныя краіны, дзе на душу насельніцтва прыпадае менш за 5 тыс. м3 у год, а сельская гаспадарка магчыма толькі пры штучным арашэнні.

Пры гэтым трэба ўлічваць не толькі колькасць, але і якасць вады. Дабраякаснай вадой карыстаецца толькі 1/3 насельніцтва Зямлі. Прыкладна 1/3 забяспечана ёю недастаткова і яшчэ 1/3 выкарыстоўвае недобраякасную пітную ваду. У краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі такая вада служыць галоўнай крыніцай многіх захворванняў  і  павышанай смяротнасці.

Існуе некалькі шляхоў вырашэння воднай праблемы чалавецтва. Магчыма, галоўны з іх — змяншэнне вадаёмістасці вытворчых працэсаў і скарачэнне страты вады. Вялікае значэнне мае збудаванне вадасховішчаў, якія рэгулююць рачны сцёк.

Прыклад. Усяго ў свеце створана больш за 30 тыс. вадасховішчаў, агульны аб'ём якіх (6,5 тыс. км3) у 3,5 раза пераўзыходзіць адначасовы аб'ём вады ва ўсіх рэках зямнога шара. Разам узятыя, яны займаюць плошчу 400 тыс. км2, што ў 10 разоў перавышае плошчу Азоўскага мора. Па колькасці буйных вадасховішчаў выдзяляюцца ЗША і Расія.

У  ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, Мексіцы, Кітаі, Егіпце, шэрагу краін, якія ўваходзяць у СНД, ажыццёўлены або практыкуюцца шматлікія праекты тэрытарыяльнага пераразмеркавання рачнога сцёку з дапамогай яго перакідкі. Аднак у апошні час найбольш буйныя праекты міжбасейнавай перакідкі па эканамічных і прыродаахоўных меркаваннях былі адменены. У краінах Персідскага заліва, Міжземнамор'я, у Туркменістане на Каспійскім моры, на поўдні ЗША, у Японіі, на астравах Карыбскага мора выкарыстоўваецца апрасненне марской вады; буйнейшы ў свеце вытворца такой вады — Кувейт. Прэсная вада ўжо стала таварам сусветнага гандлю: яе транспартуюць у марскіх танкерах, па далёкіх водаправодах. Распрацоўваюцца праекты буксіроўкі айзбергаў з Антарктыкі, якая кожнае лета адпраўляе ў плаванне 1200 млн т закансерваванай у іх прэснай вады, у краіны засушлівага пояса.

Вы ведаеце, што рачны сцёк шырока выкарыстоўваецца і для атрымання гідраэнергіі. Сусветны гідраэнергетычны патэнцыял, прыгодны для выкарыстання, ацэньваецца амаль у 10 трлн кВт • гадз. магчымай выпрацоўкі электраэнергіі. Каля 1/2 гэтага патэнцыялу прыпадае ўсяго на 6 краін: Кітай, Расію, ЗША, Заір, Канаду, Бразілію.

5. Біялагічныя рэсурсы: папярэдзіць збядненне! Біямаса Зямлі ствараецца расліннымі і жывёльнымі арганізмамі.

Расліннымі рэсурсамі з'яўляюцца як культурныя, так і дзікарослыя расліны. Налічваецца амаль 6 тыс. відаў культурных раслін.

Але найбольш распаўсюджаных відаў сельскагаспадарчых культур на Зямлі толькі 80—90, а самых распаўсюджаных усяго 15—20.

Сярод дзікарослай пераважае лясная расліннасць, якая фарміруе л я с н ы я р э с у р с ы. Як і зямельныя, гэта вычарпальныя, але аднаўляемыя рэсурсы шматмэтавага выкарыстання. Сусветныя лясныя рэсурсы характарызуюцца двума галоўнымі паказчыкамі: памерамі лясной плошчы (4 млрд га) і запасамі драўніны на карані (350 млрд м3), якія дзякуючы пастаяннаму прыросту штогод павялічваюцца на 5,5 млрд м3. Здавалася б, што ў гэтых умовах аб пагрозе дэфіцыту лясных рэсурсаў гаварыць заўчасна. Але гэта зусім не так.