Cусветныя прыродныя рэсурсы (Развернуты план-канспект урока геаграфіі ў 10 класе), страница 3

Напрамак «углыб» характэрны для зарубежнай Еўропы, еўрапейскай часткі Расіі, для Украіны, ЗША, дзе многія месцараджэнні і басейны, што знаходзяцца ў верхніх слаях зямной кары, ужо моцна выпрацаваны. У іх адбываецца пагаршэнне горнагеалагічных умоў здабычы, узрастае глыбіня распрацовак.

Напрамак «ушыр» пераважае ў азіяцкай частцы Расіі, Канадзе, Аўстраліі, Бразіліі, дзе асваенне мінеральных рэсурсаў пачалося параўнальна нядаўна. Горнагеалагічныя ўмовы здабычы тут, як правіла, больш спрыяльныя, глыбіня распрацовак параўнальна невялікая.

3. Зямельныя рэсурсы: два супрацьлеглыя працэсы. Зямля — адзін з галоўных рэсурсаў прыроды, крыніц жыцця. Нездарма гавораць: «Праца — бацька багацця, а зямля — маці яго». Зямельныя рэсурсы неабходныя для жыхарства людзей і для ўсіх галін гаспадаркі.

Забяспечанасць чалавецтва зямельнымі рэсурсамі вызначаецца сусветным зямельным фондам. Каштоўнасць уяўляюць сабой апрацоўваемыя з е м л і, якія даюць 88 % неабходных чалавецтву прадуктаў харчавання. Апрацоўваемыя (перш за ўсё ворныя) землі ў асноўным сканцэнтраваны ў лясных, лесастэпавых і стэпавых зонах нашай планеты. Найбольш буйныя іх масівы знаходзяцца ў Расіі, ЗША, Індыі, Кітаі, Канадзе і Бразіліі. Немалое значэнне маюць і п а ш а в ы я землі, якія забяспечваюць 10 % харчу, што ўжывае чалавецтва.

Аднак структура зямельнага фонду планеты не застаецца нязменнай. Пастаяннае ўздзеянне на яе робяць два працэсы, якія маюць супрацьлеглы характар.

З аднаго боку, на працягу тысячагоддзяў чалавецтва вядзе ўпартую барацьбу за расшырэнне зямель, прыдатных для жыхарства і сельскагаспадарчага выкарыстання. Толькі на працягу XX ст. разворанасць зямной сушы павялічылася ўдвая. Пры гэтым найбольшымі маштабамі асваення цалінных зямель выдзяляліся Расія, Казахстан, ЗША, Канада, Кітай, Бразілія. А малазямельныя, але густазаселеныя краіны (Нідэрланды, Японія і інш.) павялі актыўны наступ на прыбярэжныя ўчасткі мораў.

3 другога боку, увесь час адбываецца пагаршэнне, спусташэнне зямель. Падлічана, што ў выніку эрозіі з сельскагаспадарчага абароту штогод выпадае 6—7 млн га. Забалочванне, засаленне выводзіць з абароту яшчэ 1,5 млн га. Па меры росту гарадоў жылая, прамысловая і транспартная забудовы таксама пачалі ўсё больш актыўна наступаць на сельскагаспадарчыя землі. У засушлівых рэгіёнах свету буйнейшым «пажыральнікам зямель» стала апустыньванне.

Прыклад. Апустыньванне ўжо ахапіла больш чым 900 млн га і пагражае яшчэ 3 млрд га зямель у межах некалькіх дзесяткаў краін, пераважна тых, якія сталі на шлях развіцця. Пашыраюць свае граніцы пустыні Сахара, Атакама, Тар, Наміб і іншыя. Вучоныя падлічылі, што пры захаванні цяперашніх тэмпаў апустыньвання за наступныя 30 гадоў яно можа  ахапіць дадатковую тэрыторыю,  роўную Заходняй Еўропе.

У выніку гэтых працэсаў «нагрузка» на зямлю ўвесь час узрастае, а забеспячэнне зямельнымі рэсурсамі памяншаецца. Вы ведаеце сігнал бедства SOS {sаvе our souls}, што ў перакладзе з англійскай мовы абазначае «ратуйце нашы душы». Цяперашнія глебаведы свету таксама ажыццяўляюць праграму пад дэвізам SOS { sаvе our soils }, што абазначае «ратуйце нашы глебы». Пад кіраўніцтвам органаў ААН вялікія работы вядуцца па барацьбе з апустыньваннем. У іх актыўна ўдзельнічаюць географы.

4. Водныя рэсурсы сушы: праблема прэснай вады. Яшчэ параўнальна нядаўна вада, як і паветра, лічылася адным з бясплатных дароў прыроды, толькі ў раёнах штучнага арашэння яна заўсёды мела высокую цану. У апошні час адносіны да водных рэсурсаў сушы змяніліся. Гэта тлумачыцца тым, што рэсурсы прэснай вады складаюць толькі 2,5 % агульнага аб'ёму гідрасферы. Да таго ж асноўная частка іх нібы закансервавана ў ледавіках Антарктыды, Грэнландыі, у льдах Арктыкі, у горных ледавіках і пакуль яшчэ практычна недаступная для выкарыстання.