Грамадская роля старабеларускай літаратурнай мовы ў Вялікім княстве Літоўскім

Страницы работы

Содержание работы

Грамадская роля старабеларускай літаратурнай мовы ў Вялікім княстве Літоўскім

Беларуская народнасць і яе мова фарміраваліся ў межах поліэтнічнага дзяржаўнага аб’яднання – Вялікае княства Літоўскае.

У гэтай дзяржаве старабеларуская мова выконвала функцыі афіцыйнай, дзяржаўнай мовы (з 14 ст., з часоў праўлення князя Альгерда).

Чаму менавіта беларуская мова стала дзяржаўнай? Чаму не літоўская? Не стараславянская, пашыраная ў той час?

Гісторыкі тлумачаць гэта некалькімі акалічнасцямі.

Па-першае. Літоўцы на час узнікнення ВКЛ не мелі яшчэ сваёй пісьмовай мовы. Пісьменства ўзнікла ў 16 ст. на аснове лацінскай графікі. Вытокі пісьмовай мовы літоўцаў звязваюць з Усходняй Прусіяй, дзе ў 1547 г. у Кёнігсбергу Марцінас Мажвідас (1510-1563), літоўскі пісьменнік, пачынальнік літоўскага пісьменства надрукаваў першую літоўскую кнігу “Простыя словы катэхізіса”, якая акрамя катэхізіса ўключала буквар, некалькі песнапенняў рэлігійнага характару, вершаваную прадмову Мажвідаса пра становішча тагачаснага літоўскага сялянства. А свецкага зместу кнігі на літоўскай мове з’явіліся яшчэ пазней.

Па-другое. Набыццю статусу дзяржаўнай старабеларускай мовай спрыяла і агульная перавага прадстаўнікоў з беларускіх земляў у найважнейшых сферах палітычнага і эканамічнага жыцця ВКЛ.

Беларускія землі складалі аснову эканамічнай магутнасці княства. Большасць паслоў (дэпутатаў), што павінны былі прымаць удзел у пасяджэннях сейма (цэнтральнага заканадаўчага органа ВКЛ), якраз былі з беларускіх земляў. Натуральна, што для сейма, дзе паслы з беларускіх земляў складалі большасць, найбольш падыходзіла беларуская мова.

Па-трэцяе. Кніжная, царкоўнаславянская мова не магла выконваць функцыі афіцыйнай.

1) На той час для большасці нашых продкаў яна была малазразумелай, паколькі  пасля ўваходжання беларускіх земляў у склад ВКЛ адбылося аслабленне, а потым і спыненне сувязей з усходнімі рускімі землямі, праз якія прыйшла царкоўнаславянская мова.

2) У ВКЛ моцна было развіта мясцовае самакіраванне. Гэта прымушала звярнуць увагу на мову народа як правадніка народных інтарэсаў. Мова богаслужбовых кніг па свайму складу не падыходзіла для сеймаў і ратуш.

Функцыі дзяржаўнай мовы старабеларуская выконвала да канца 17 ст., да рашэння Варшаўскага сейма 1696 года.

Хоць і называлася яна ў той час рускай, у сучасным разуменні гэтага слова такой не была. Руская – гэта значыць не стараславянская. Калі б яна была такой, як і тагачасная мова Маскоўскай дзяржавы, то не было б патрэбы рабіць пераклад Статута ВКЛ 1588 г. для Маскоўскай дзяржавы. А пераклад такі быў зроблены.

На думку некаторых даследчыкаў моўная сітуацыя ў ВКЛ характарызавалася тым, што царкоўнаславянская і старабеларуская мова функцыянальна дапаўнялі адна адну. Такое меркаванне выказаў, у прыватнасці, Пол Вэкслер у манаграфіі “Гістарычная фаналогія беларускае мовы” (Мн., 2004).

Адносіны  паміж беларускай і царкоўнаславянскай мовай П.Вэкслер паказвае ў наступнай табліцы:

Першая стадыя двухмоўя:

царкоўнаславянская мова

беларуская мова

функцыі: пісьмовая, літургічная

гутарковая; часам пісьмовая

назва нормы: славянороссийский, славянорусский; словенский

рус(ь)кая; простая мова (молва, малва); просты рускі дыялект

Пачатак няўстойлівасці беларуска-царкоўнаславянскага двухмоўя – ХV ст. Пра гэта сведчыць публікацыя царкоўнаславянскіх кніг з беларускімі глосамі.

Другая стадыя двухмоўя:

царкоўнаславянская мова

беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскае мовы

беларуская мова

функцыі: кананічныя рэлігійныя тэксты

царкоўныя і навуковыя творы; лісты і свецкае пісьменства; некананічныя рэлігійныя творы

гутарковая; дзелавыя і прававыя дакументы

Як адзначае П.Вэкслер, “беларуска-царкоўнаславянскае двухмоўе канчаткова распалася ў  ХVІІІ ст., калі царкоўнаславянская мова перастала быць галоўнаю моваю пісьменства і калі беларускую мову прававых дакументаў пазбавілі яе афіцыйнага статусу.” (с.35)

Іншыя функцыі беларускай і царкоўнаславянскай моў паказаны ў асобных працах Л.М.Шакуна. У артыкуле “Карані нашай мовы” (1996, Роднае слова) напісана: Афармленне яе (БМ) працякала найперш у “дзелавых” сферах: адміністрацыі і дзяржаўнага кіравання, судаводства і заканадаўства,  дыпламатычнай перапіскі і прыватнага ліставання, а затым ужо і ў сферах мастацкай творчасці, публіцыстыкі, навукі аж  да рэлігіі ўключна – г.зн. усюды, дзе толькі прымянялі пісьмо. [...] Кожная з гэтых моў развівалася сваім уласным шляхам, у сваіх традыцыйных сферах прымянення, пры гэтым сферы прымянення старабеларускай літаратурнай мовы пашыраліся за кошт выцяснення з ужытку царкоўнаславянскай мовы”. (с.87).

Так ці інакш старабеларуская мова ў перыяд ВКЛ выкарыстоўвалася  ў пісьмовых зносінах на тэрыторыі ўсёй дзяржавы.

На дадзены перыяд прыпадае не толькі ўзнікненне самабытнай славянскай мовы – беларускай у яе раннім (старабеларускім) варыянце і яе росквіт у 16-17 стст., але і з’яўленне на Беларусі першых сярод усходніх славян друкаваных кніг, першых выдадзеных перакладаў на старабеларускую мову біблейскіх тэкстаў (другіх ва ўсім славянскім свеце пасля чэшскіх друкаваных перакладаў), першых ва ўсёй усходняй Славіі апублікаваных граматык, першых сярод усходніх славян друкаваных лексікаграфічных прац Лаўрэнція Зізанія, узорнага для ўсёй Еўропы юрыдычнага помніка Статута ВКЛ, стварэнне значнай колькасці помнікаў дзелавога пісьменства (у прыватнасці амаль 600 тамоў Літоўскай метрыкі).

Похожие материалы

Информация о работе